САВЕ́ЦКА-МАНГО́ЛЬСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.
Пагадненне 1921 аб усталяванні дружалюбных адносін паміж РСФСР і Манголіяй, падпісана 5 ліст. ў Маскве. Паводле яго абодва бакі дамовіліся аб усталяванні дыпламат. адносін. Сав. бок адмовіўся ад усіх аднабаковых прывілеяў для сваіх грамадзян на тэр. Манголіі, перадаў Манголіі ўсю рас. маёмасць там. Пагадненне заклала асновы цеснага супрацоўніцтва СССР і Манголіі, ператварэнне апошняй ў фактычную сферу сав. ўплыву, нягледзячы на тое, што ў 1924 СССР фармальна прызнаў Манголію ч. Кітая (гл. Савецка-кітайскія пагадненні). Пратакол 1936 аб узаемнай дапамозе, падпісаны 12 сак. ва Улан-Батары. Юрыдычна аформіў вуснае (джэнтльменскае) пагадненне ад 27.12.1934. Паводле яго ў выпадку пагрозы нападу на тэр. СССР або Манголіі з боку трэцяй дзяржавы абодва бакі абавязаліся прыняць меры для сваёй бяспекі, у выпадку ж ваен. нападу на адзін з бакоў — аказаць адзін аднаму ўсялякую, у т. л. ваен., дапамогу. Дагавор стаў абгрунтаваннем для ўдзелу сав. войск у Халхін-Гольскім канфлікце 1939. Дагавор 1946 аб дружбе і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 27 лют. ў Маскве. У цэлым паўтараў тэкст дагавора 1936. Дагавор 1966 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 15 студз. ва Улан-Батары. Бакі абавязаліся ўмацоўваць дружбу і развіваць супрацоўніцтва ва ўсіх галінах эканам., культурнага, навук. жыцця, пашыраць сувязі ў сферах аховы здароўя, адукацыі і інш. Дагавор пацвярджаў і замацоўваў саюзніцкія адносіны паміж дзвюма краінамі.
т. 14, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)